Viewing:

ЭКЛЕЗІЯСТ Ecclesiastes 4

Select a Chapter

Экл 4

1 І я павярнуўся, i ўбачыў усякі прыгнёт, якi робіцца пад сонцам, i вось, слёзы прыгнечаных, і няма для іх суцяшэньня; і ў руцэ прыгнятальнiкаў — сіла, і няма для іх суцяшэньня.

2 І я больш пахвалiў памёршых, якія ўжо памерлi, чым жывых, якія яшчэ жывуць.

3 А лепшы за іх абодвух той, якога яшчэ няма, які ня бачыў лiхiя справы, што робяцца пад сонцам.

4 І ўбачыў я, што кожная цяжкая праца i кожны посьпех у справах выклiкае зайздрасьць да чалавека ў блiжняга [ягонага]. Гэта таксама марнасьць i пагоня за ветрам.

5 Дурань складвае рукi свае i зьядае цела сваё.

6 Лепшая адна поўная жменя са спакоем, чым абедзьве жмені напоўненыя, а з імі цяжкая праца i пагоня за ветрам.

7 I я павярнуўся, і ўбачыў марнасьць пад сонцам.

8 [Чалавек] адзін, i няма другога, таксама няма анi сына, анi брата ў яго, і няма канца ўсёй цяжкай працы ягонай, i вока ягонае не насычаецца багацьцем, [і кажа ён:] “Для каго я працую i пазбаўляю душу сваю дабра?” Гэта таксама марнасьць і кепскі занятак.

9 Лепш двум, чым аднаму, таму што маюць добрую ўзнагароду за цяжкую працу сваю.

10 Бо калi адзiн упадзе, другi падніме таварыша свайго. Але гора аднаму, як ён упадзе, і няма другога, каб падняць яго.

11 Таксама, калi ляжаць двое, будзе цёпла ім; а як адзiн можа сагрэцца?

12 I, калi хто зможа перамагчы аднаго, дык двое супрацьстануць яму, i вяроўка патройная ня хутка парвецца.

13 Лепш хлопец бедны i мудры, чым валадар стары i дурны, які ня можа ўжо прыймаць парады.

14 Бо той выходзіць з вязьніцы, каб валадарыць, а гэты ў валадарстве сваім можа стаць бедаком.

15 І я бачыў усіх, хто жыве і ходзіць пад сонцам, з тым хлопцам, другiм, які стане на месца ягонае.

16 Няма канца ўсяму народу, усiм, якiя былі перад ім, але тыя, што пасьля будуць, ня будуць радавацца дзеля яго. I гэта таксама марнасьць i турбаваньне духа.

17 Захоўвай ногі свае, калі ідзеш у дом Божы, і набліжайся туды, каб слухаць, а не складаць ахвяры як дурні, бо яны ня маюць веданьня, робячы зло.