Viewing:

ЯНА John 4

Select a Chapter

Ян 4

1 Калі ж даведаўся Госпад, што пачулі фарысэі, што Ісус больш вучняў здабывае і хрысьціць, чым Ян, —

2 хоць Сам Ісус не хрысьціў, але вучні Ягоныя, —

3 пакінуў Юдэю і пайшоў зноў у Галілею.

4 Мусіў жа Ён праходзіць праз Самарыю.

5 І вось, прыходзіць Ён у горад Самарыйскі, называны Сыхар, недалёка поля, якое даў Якуб Язэпу, сыну свайму.

6 Была ж там крыніца Якуба. Дык Ісус, стомлены падарожжам, сеў ля крыніцы. Было каля шостае гадзіны.

7 Прыходзіць жанчына з Самарыі начэрпаць вады. Гаворыць ёй Ісус: «Дай Мне піць».

8 Бо вучні Ягоныя адыйшлі ў горад набыць ежы.

9 Жанчына Самаранка кажа Яму: «Як Ты, Юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны Самаранкі?» Бо Юдэі ня маюць зносін з Самаранамі.

10 Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Калі б ты ведала дар Божы і Хто кажа табе: “Дай Мне піць”, то ты прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе вады жывое».

11 Гаворыць Яму жанчына: «Пане! У Цябе і зачарпнуць няма чым, а калодзеж глыбокі. Дык адкуль у Цябе вада жывая?

12 Няўжо Ты большы за бацьку нашага Якуба, які даў нам гэты калодзеж і сам з яго піў, і сыны ягоныя, і статак ягоны?»

13 Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Усякі, хто п’е гэтую ваду, зноў будзе смагнуць.

14 Хто ж вып’е ваду, якую Я яму дам, ня будзе смагнуць ніколі, але вада, якую Я дам яму, станецца ў ім крыніцаю вады, якая цячэ ў жыцьцё вечнае».

15 Гаворыць Яму жанчына: «Пане! Дай мне гэтай вады, каб я ня смагнула і не прыходзіла сюды чэрпаць».

16 Гаворыць ёй Ісус: «Ідзі, пакліч мужа твайго і прыходзь сюды».

17 Адказала жанчына і сказала: «Я ня маю мужа». Гаворыць ёй Ісус: «Добра ты сказала, што ня маеш мужа,

18 бо мела ты пяць мужоў, і той, якога цяпер маеш, ня муж табе. Гэта ты праўдзіва сказала».

19 Гаворыць Яму жанчына: «Пане! Бачу, што Ты — прарок.

20 Бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерусаліме месца, дзе павінны пакланяцца».

21 Гаворыць ёй Ісус: «Жанчына, павер Мне, што прыходзіць час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерусаліме ня будзеце пакланяцца Айцу.

22 Вы ня ведаеце, каму пакланяецеся; а мы ведаем, Каму пакланяемся, бо збаўленьне ад Юдэяў.

23 Але прыходзіць час, і ён ужо прыйшоў, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо гэткіх паклоньнікаў Айцец шукае Сабе.

24 Бог ёсьць Дух, і тыя, якія пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе».

25 Гаворыць Яму жанчына: «Ведаю, што прыходзіць Мэсія, называны Хрыстос, і калі Ён прыйдзе, абвесьціць нам усё».

26 Гаворыць ёй Ісус: «Гэта Я, Які гавару з табою».

27 У гэты час прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што Ён гаварыў з жанчынаю, але ніводзін не сказаў: «Што шукаеш?» ці: «Што гаворыш з ёю?»

28 Тады жанчына пакінула гляк свой, і адыйшла ў горад, і гаворыць людзям:

29 «Пайдзіце, пабачце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстос гэта?»

30 Яны выйшлі з гораду і пайшлі да Яго.

31 Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Раббі! Еш».

32 Ён жа сказаў ім: «Я ем ежу, якой вы ня ведаеце».

33 Тады вучні гаварылі паміж сабою: «Няўжо нехта прынёс Яму есьці?»

34 Гаворыць ім Ісус: «Мая ежа ў тым, каб выканаць волю Таго, Хто Мяне паслаў, і скончыць справу Яго.

35 Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і прыйдзе жніво? Вось, Я кажу вам: Падыміце вочы вашыя і паглядзіце на нівы, як яны пабялелі да жніва.

36 Хто жне, атрымлівае плату і зьбірае плён дзеля жыцьця вечнага, каб і сейбіт, і жнец разам радаваліся.

37 Бо ў гэтым спраўджваецца слова: “Адзін сее, а другі жне”.

38 Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы прыйшлі на працу іхнюю».

39 І шмат Самаранаў з гораду таго паверылі ў Яго праз слова жанчыны, якая сьведчыла: «Ён сказаў мне ўсё, што я зрабіла».

40 І вось, калі прыйшлі да Яго Самаране, то прасілі Яго застацца ў іх, і Ён застаўся там два дні.

41 І яшчэ больш паверыла праз слова Яго.

42 А жанчыне гэтай казалі: «Ужо ня дзеля твайго аповеду верым, бо мы самі чулі і даведаліся, што гэта праўдзіва Збаўца сьвету, Хрыстос».

43 Праз два дні выйшаў Ён адтуль і пайшоў у Галілею.

44 Бо Сам Ісус сьведчыў, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.

45 Калі ж прыйшоў Ён у Галілею, Галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсе, што зрабіў у Ерусаліме ў часе сьвята; бо і самі яны хадзілі на сьвята.

46 І вось Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе зрабіў з вады віно. І быў у Капэрнауме нейкі ўрадовец, у якога занядужаў сын.

47 Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго прыйсьці і аздаравіць сына ягонага, бо той канаў.

48 І сказаў яму Ісус: «Вы не паверыце, калі ня ўбачыце знакаў і цудаў».

49 Урадовец кажа Яму: «Госпадзе! Прыйдзі, пакуль не памёр хлопчык мой».

50 Кажа яму Ісус: «Ідзі, сын твой жывы!» І паверыў чалавек той словам, якія сказаў яму Ісус, і пайшоў.

51 І калі ён ужо вяртаўся дадому, перанялі яго слугі ягоныя і паведамілі, кажучы: «Сын твой жывы».

52 Ён спытаўся ў іх: «А якой гадзіне палягчэла яму?» І сказалі яму: «Учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго».

53 Дык даведаўся бацька, што гэта была тая гадзіна, калі Ісус сказаў яму: «Сын твой жывы». І паверыў ён сам і ўвесь дом ягоны.

54 Гэта ўжо другі знак учыніў Ісус, вярнуўшыся з Юдэі ў Галілею.