Viewing:

ПРЫПОВЕСЬЦІ Proverbs 24

Select a Chapter

Разьдзел 24

1 Не зайздросьці людзям ліхім, не жадай быць з імі,

2 бо пра злачыннасьць думае сэрца іхняе, і пра ліхоту вусны іхнія гавораць.

3 Мудрасьцю будуецца дом, і розумам умацоўваецца,

4 і праз веданьне напаўняюцца пакоі яго ўсялякай каштоўнай і прывабнай маёмасьцю.

5 Мудры чалавек мае моц, і чалавек, які мае веды, умацоўвае сілу [сваю].

6 Таму з разважлівасьцю вядзі вайну тваю, і пры мностве дарадцаў — выратаваньне.

7 Занадта высокая мудрасьць для неразумнага, ён не раскрывае ў брамах вуснаў сваіх.

8 Хто задумляе рабіць ліхое, таго называюць зламысным.

9 Намеры бязглуздага — грэх, і [намеры] блюзьнера — агіда для чалавека.

10 Калі ты слабы ў дзень бедства, дык малая сіла твая.

11 Ратуй узятых на сьмерць, і ці ж не пашкадуеш тых, якія сказаныя на загубу?

12 Калі скажаш: «Вось, мы ня ведалі гэтага?», ці ж Той, Хто дасьледуе сэрцы, не разумее? Ці ж Той, Хто захоўвае душу тваю, ня ведае? Ці ж Ён не аддасьць чалавеку паводле справаў ягоных?

13 Еш мёд, сыне мой, бо ён добры, і соты салодкія для паднябеньня твайго.

14 Гэтак сама веданьне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, ёсьць будучыня, і надзея твая не загіне.

15 Не цікуй, бязбожніку, каля жытла праведніка, не спусташай месца супачынку ягонага,

16 бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане, а бязбожнікі трапяць у няшчасьце.

17 Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой, і няхай ня цешыцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца,

18 бо часам убачыць ГОСПАД, і будзе [гэта] ліхім у вачах Ягоных, і Ён адверне гнеў Свой ад яго.

19 Не абурайся на ліхотнікаў і не зайздросьці бязбожнікам,

20 бо ня будзе будучыні ліхому, і сьветач бязбожнікаў стухне.

21 Бойся ГОСПАДА, сыне мой, і валадара, і ня зьвязвайся са змоўшчыкамі,

22 бо неспадзявана прыйдзе на іх загуба, і бедства ад іх абодвух хто можа ведаць.

23 Гэта таксама для мудрых: нядобра зважаць на аблічча ў судзе.

24 Таго, хто кажа бязбожніку: «Ты праведны», будуць праклінаць народы і будуць брыдзіцца ім людзі.

25 А тымі, што дакараюць, будуць захапляцца, і зыйдзе на іх шчодрае дабраславенства.

26 У вусны цалуе той, хто адказвае шчырымі словамі.

27 Выканай працу тваю вонках [дому] і скончы яе на полі тваім, а пасьля пабудуй дом твой.

28 Ня сьведчы без прычыны супраць бліжняга твайго, і не падманвай вуснамі тваімі.

29 Не кажы: “Як ён мне зрабіў, так і я зраблю яму, аддам чалавеку паводле справаў яго”.

30 Праходзіў я праз поле гультая і праз вінаграднік чалавека бяз розуму,

31 і вось, усё зарасло асотам, і крапіва пакрыла паверхню яго, і каменная агароджа зруйнаваная.

32 І паглядзеў я, і зьвярнуў [на гэта] сэрца маё, убачыў, і атрымаў настаўленьне:

33 «Крыху пасьпіш, крыху падрэміш, крыху, склаўшы рукі, паляжыш.

34 і прыйдзе, як валацуга, беднасьць твая, і нястача твая — як чалавек узброены».