Viewing:

ПСАЛЬМЫ Psalms 56

Select a Chapter

Пс 56

1 Кіраўніку хору: на лад “Галубка бязмоўная ў мясьцінах далёкіх”. Залатая песьня Давіда, калі яго ў Гаце схапілі Філістынцы.

2 Зьлітуйся нада мною, Божа, бо прагне праглынуць мяне чалавек; ўсякі дзень нападаючы, уціскае мяне.

3 Прагнуць праглынуць мяне ворагі мае цэлы дзень, бо шмат іх ваюе супраць мяне, Найвышэйшы!

4 У дзень, калі я баюся, я на Цябе спадзяюся.

5 У Богу буду хваліцца словам Ягоным, на Бога я спадзяюся, ня буду баяцца. Што цела можа зрабіць мне?

6 Штодзень яны перакручваюць словы мае; супраць мяне ўсе думкі іхнія, [каб учыніць мне] зло.

7 Яны зьбіраюцца і хаваюцца, яны высочваюць сьляды мае, бо цікуюць на душу маю.

8 Дзеля злачынства [іхняга будзь] выратаваньнем для мяне, у гневе [Тваім] адкінь народы, Божа!

9 Туляньне маё Ты мне залічыў; зьбяры сьлёзы мае ў мяхі Твае, напэўна яны ў кнізе Тваёй!

10 Тады павернуць наўцёкі ворагі мае ў дзень, калі паклічу. Я ведаю, што Бог са мною!

11 У Богу буду хваліцца словам, у ГОСПАДЗЕ буду хваліцца словам [Ягоным].

12 На Бога я спадзяюся, ня буду баяцца. Што можа зрабіць мне чалавек?

13 На мне, Божа, абяцаньні Твае, дык прынясу падзяку Табе,

14 бо Ты вызваліў душу маю ад сьмерці і стопы мае ад падзеньня, каб хадзіў я перад абліччам Бога ў сьвятле жывых.