Viewing:

1 ЦІМАФЕЯ 1-timothy 4

Select a Chapter

1 Цім 4

1Дух жа ясна кажа, што апошнім часам адступяцца некаторыя ад веры, слухаючы духаў спакусьнікаў і вучэньняў дэманскіх,

2праз крывадушнасьць ашуканцаў, што спалілі сумленьне сваё,

3якія забараняюць браць шлюб і есьці тое, што Бог стварыў, каб веруючыя і тыя, што ўведалі ісьціну, елі з падзякаю.

4Бо кожнае стварэньне Божае - добрасьць, і нішто ня можа асуджацца, калі прымаецца з падзякаваньнем,

5бо асьвячаецца словам Божым і малітваю.

6Унушаючы гэта братам, будзеш добры слуга Ісуса Хрыста, кормлены словамі веры і добрым вучэньнем, якому ты пасьледаваў.

7А недарэчных і бабскіх баек цурайся, а ўдасканальвай сябе ў пабожнасьці;

8бо цялеснае практыкаваньне мала карысьці дае, а пабожнасьць на ўсё прыдатная, бо мае заруку жыцьця цяперашняга і будучага.

9Слова гэта слушнае і ўсякага даверу вартае.

10Бо мы на тое і працуем і паганьбеньне церпім, што надзею маем на Бога жывога, Які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а найперш веруючых.

11Прапаведуй гэта і вучы.

12Ніхто хай не пагарджае маладосьцю тваёю; але будзь узорам веруючым у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні.

13Пакуль ня прыйду, займайся чытаньнем, настаўленьнем, вучэньнем.

14Не заняхайвай добраснага ў табе дару, які дадзены табе паводле прароцтва з ускладаньнем рук сьвятарства.

15Пра гэта турбуйся, гэтага не занядбай, каб посьпех твой усім быў відавочны.

16Пранікай у сябе і ў вучэньне, займайся гэтым пастаянна; бо, так паводзячыся, і сябе ўратуеш і слухачоў тваіх.