Viewing:

ДАНІІЛА Daniel 8

Select a Chapter

Дан 8

1На трэці год цараваньня цара Валтасара явілася мне, Даніілу, уява пасьля той, якая явілася мне раней.

2І бачыў я ва ўяве, - і калі бачыў, я быў у Сузах, прастольным горадзе ў акрузе Эламскай, - і бачыў я ва ўяве, як бы я быў каля ракі Улай.

3Узьвёў я вочы мае і ўбачыў: вось, адзін баран стаіць каля ракі; у яго два рогі, і рогі высокія, але адзін вышэйшы за другі, і вышэйшы вырас пасьля.

4Бачыў я, як гэты баран бароў на захад і на поўнач і на поўдзень, і ніякі зьвер ня мог устояць супроць яго, і ніхто ня мог уратавацца ад яго; і ён рабіў, што хацеў і стаў велічны.

5Я ўважліва глядзеў на гэта, і вось, з захаду ішоў казёл па ўлоньні зямлі, не дакранаючыся да зямлі; у гэтага казла быў відаць рог паміж яго вачамі.

6Ён пайшоў да таго барана, які меў рогі, якога бачыў я, як ён стаяў каля ракі, і кінуўся на яго ў моцнай лютасьці сваёй.

7І бачыў я, як ён, дабегшы да барана, раз'ятрыўся на яго і ўдарыў барана і зламаў яму рогі; і ня стала сілы ў барана ўстояць супроць яго, і той паваліў яго на зямлю і патаптаў яго, і ня было нікога, хто мог бы адратаваць барана ад яго.

8Тады казёл над меру ўзьвялічыўся; але калі ён узмацніўся, дык зламаўся вялікі рог, і замест яго вырасьлі чатыры, павернутыя на чатыры вятры нябесныя.

9А з аднаго выйшаў малы рог, які нязвычайна вырас на поўдзень і на ўсход і да цудоўнай краіны,

10і падняўся да войска нябеснага, і скінуў на зямлю частку гэтага войска і зорак і патаптаў іх,

11і нават падняўся на Правадыра таго войска, і адабрана была ў Яго штодзённая ахвяра, і паганьбавана было месца сьвятыні Ягонай,

12і войска аддадзена разам з штодзённаю ахвяраю за грэх, і ён, скідаючы ісьціну на зямлю, дзеяў і меў посьпех.

13І пачуў Я аднаго сьвятога, які гаварыў, і сказаў гэты сьвяты камусьці на пытаньне: «да якога часу сягае гэтая ўява пра штодзённую ахвяру і пра зьнішчальны грэх, калі сьвятыня і войска аддадзены на патаптаньне?»

14І сказаў мне: «да двух тысяч трохсот вечароў і раніц; і тады сьвятыня ачысьціцца».

15І было: калі я, Данііл, убачыў гэтую ўяву і шукаў сутнасьці яе, вось, стаў перад мною як бы воблік Мужа.

16І пачуў я ад сярэдзіны Улая голас чалавечы, які заклікаў і сказаў: «Гаўрыіле! растлумач яму гэтую ўяву!»

17І ён падышоў туды, дзе я стаяў, і калі ён прыйшоў, я жахнуўся і ўпаў на аблічча маё; і сказаў ён мне: «ведай, сыне чалавечы, што пра часіну канца гэтая ўява!»

18І калі ён гаварыў са мною, я самлеў і ляжаў сваім тварам на зямлі; але ён дакрануўся да мяне і паставіў мяне на маё месца

19і сказаў: «вось, я адкрываю табе, што будзе ў апошнія дні гневу; бо пра часіну канца вызначанага часу гэтая ўява.

20Баран, якога ты бачыў з двума рагамі, гэта цары Мідыйскі і Персідскі.

21А казёл кашлаты - цар Грэцыі, а вялікі рог, які паміж вачэй у яго, гэта - яе першы цар;

22ён зламаўся, і замест яго вырасьлі іншыя чатыры: гэта - чатыры царствы паўстануць з гэтага народу, але не зь яго сілаю.

23А пад канец царства іх, калі адступнікі напоўняць меру беззаконьняў сваіх, паўстане цар нахабны і спрытны ў падступнасьці;

24і ўмацуецца сіла ягоная, хоць і не яго сілаю, і ён будзе чыніць дзівосныя спусташэньні і мець посьпех і дзеяць і губіць моцных і народ сьвятых,

25і, пры яго розуме, падступнасьць будзе мець посьпех у руцэ ў яго, і сэрцам сваім ён узьнясецца і ў час міру загубіць многіх і супраць Уладара ўладароў паўстане, але будзе зламаны - ня рукою.

26А ўява пра вечар і раніцу, пра якую сказана, сапраўдная; але ты схавай гэтую ўяву, бо яна пра далёкія часіны».

27А я, Данііл, зьнямогся, і нядужыў некалькі дзён; потым устаў і пачаў займацца царскімі справамі; я вельмі зьдзіўлены быў уяваю гэтаю і не разумеў яе.