Viewing:

ЕЗЭКІІЛЯ Ezekiel 2

Select a Chapter

Езк 2

1Такая была ўява падабенства славы Гасподняй. Убачыўшы гэта, я ўпаў на аблічча сваё і чуў голас Таго, Які гаварыў, і Ён сказаў мне: «сыне чалавечы! стань на свае ногі, і Я буду гаварыць з табою».

2І калі Ён гаварыў мне, увайшоў у мяне Дух і паставіў мяне на ногі мае, і я чуў Таго, Які гаварыў мне.

3І Ён сказаў мне: «сыне чалавечы! Я пасылаю цябе да сыноў Ізраілевых, да людзей непакорлівых, якія ўзбунтаваліся супроць Мяне; яны і бацькі іхнія здраднікі перад Мною да гэтага самага дня.

4І гэтыя сыны з агрубелым абліччам і з жорсткім сэрцам, - да іх Я пасылаю цябе, і ты скажаш ім: так кажа Гасподзь Бог!

5Ці будуць яны слухаць, альбо ня будуць, бо яны мяцежны дом; але няхай ведаюць, што быў прарок сярод іх.

6А ты, сыне чалавечы, ня бойся іх і ня бойся словаў іхніх, калі яны ваўчкамі і цернямі будуць табе, і ты будзеш жыць у скарпіёнаў, - ня бойся словаў іхніх і не палохайся аблічча іхняга, бо яны мяцежны дом;

7і кажы ім словы Мае, будуць яны слухаць альбо ня будуць, бо яны ўпартыя.

8А ты, сыне чалавечы, слухай, што Я буду казаць табе: ня будзь упарты, як гэты мяцежны дом; разьзяві рот свой і зьеж, што Я дам табе».

9І ўбачыў я, і вось рука працягнута да мяне, і вось у ёй - кніжны сувой.

10І Ён разгарнуў яго перад мною, і вось, сувой сьпісаны быў усярэдзіне і звонку, і напісана на ім: «плач, і стогн, і гора».