Viewing:

ІСАІ Isaiah 61

Select a Chapter

Іс 61

1Дух Госпада Бога на Мне, бо Гасподзь памазаў Мяне зьвеставаць убогім, паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне і вязьням - адкрыцьцё цямніцы,

2прапаведаваць год Гасподні спрыяльны і дзень помсты Бога нашага; суцешыць усіх, хто бядуе,

3абвясьціць тым, хто жаліцца на Сіён, што ім замест попелу дасца акраса, замест плачу - алей радасьці, замест заняпалага духу - слаўная вопратка; і назавуць іх моцнымі праўдаю, асалодаю Госпада ў славу Яго.

4І забудуюць пустыні спрадвечныя, адновяць старадаўнія руіны і адновяць гарады разбураныя, запусьцелыя з даўніх родаў.

5І прыйдуць іншаземцы, і будуць пасьвіць статкі вашыя; і сыны чужаземцаў будуць вашымі ратаямі і вашымі вінаградарамі.

6А вы будзеце называцца сьвятарамі Госпада, - службітамі Бога нашага называцьмуць вас; будзеце карыстацца здабыткамі народаў і славіцца славаю іхняю.

7За пасаромленьне вам будзе ўдвая; за паглумленьне яны будуць радавацца сваёй долі, бо ў зямлі сваёй удвая атрымаюць; весялосьць вечная будзе ў іх.

8Бо Я, Гасподзь, люблю правасудзьдзе, ненавіджу рабункі з гвалтам, і дам узнагароду ім паводле ісьціны, і запавет вечны пастаўлю зь імі;

9і будзе вядома між народамі семя іхняе, і нашчадкі іхнія - сярод плямёнаў; усе, хто бачыць іх, спазнаюць, што яны - насеньне, дабраславёнае Госпадам.

10Радасьцю буду радавацца ў Госпадзе, разьвесяліцца душа мая ў Богу маім: бо Ён апрануў мяне ў шаты ратаваньня, адзеньнем праўды ахінуў мяне, як на жаніха ўсклаў вянок і, як нявесту, аздобіў убранствам.

11Бо - як зямля ўтварае расьліны свае, і як сад гадуе пасеянае ў ім, - так Гасподзь Бог выявіць праўду і славу перад усімі народамі.