Viewing:

ЛІКІ Numbers 27

Select a Chapter

Лікі 27

1І прыйшлі дочкі Салпаада, сына Хэфэра, сына Галаадавага, сына Махіравага, сына Манасіінага з пакаленьня Манасіі, сына Язэпавага, і вось імёны дочак ягоных: Махла, Ноа, Хогла, Мілка і Тырца:

2і сталі перад Майсеем і перад Элеазарам сьвятаром, і перад князямі і перад усім супольствам, каля ўваходу ў скінію сходу, і сказалі:

3бацька наш памёр у пустыні, і ён ня быў у ліку саўдзельнікаў, што сабраліся супроць Госпада разам з грамадою Карэевай, але за свой грэх памёр, і сыноў у яго ня было;

4за што зьнікаць імю бацькі нашага зь роду ягонага, бо няма ў яго сына? дай нам долю сярод братоў бацькі нашага.

5І падаў Майсей справу іхнюю Госпаду.

6І сказаў Гасподзь Майсею:

7праўду кажуць дочкі Салпаадавыя; дай ім спадчынны надзел сярод братоў бацькі іхняга і перадай ім надзел бацькі іхняга;

8і сынам Ізраілевым абвясьці і скажы: калі хто памрэ, ня маючы сына, дык перадавайце надзел ягоны дачцэ ягонай;

9а калі няма ў яго дачкі, перадавайце надзел ягоны братам ягоным;

10а калі няма ў яго братоў, аддавайце надзел ягоны братам бацькі ягонага;

11а калі няма братоў бацькі ягонага, аддайце надзел ягоны блізкаму ягонаму родзічу з пакаленьня ягонага, каб ён успадкаваў яго; і хай будзе гэта сынам Ізраілевым пастаўлена ў закон, як загадаў Гасподзь Майсею.

12І сказаў Гасподзь Майсею: падыміся на гэтую гару Аварым, і паглядзі на зямлю, якую Я дам сынам Ізраілевым;

13і калі паглядзіш на яе, прыкладзіся да народу свайго і ты, як прыклаўся Аарон, брат твой;

14бо вы не паслухаліся загаду Майго ў пустыні Сін, падчас раздору супольства, каб выявіць перад вачыма іхнімі сьвятасьць Маю каля водаў.

15І сказаў Майсей Госпаду, кажучы:

16хай паставіць Гасподзь, Бог духаў усякай плоці, над супольствам гэтым чалавека,

17які выходзіў бы перад імі і які ўваходзіў бы перад імі, які выводзіў бы іх, каб не засталося супольства Гасподняе, як авечкі, у якіх няма пастуха.

18І сказаў Гасподзь Майсею: вазьмі сабе Ісуса, сына Нава, чалавека, у якім ёсьць Дух, і пакладзі на яго руку тваю,

19і пастаў яго перад Элеазарам сьвятаром і перад усім супольствам, і дай яму настаўленьне перад вачыма іхнімі,

20і дай яму ад славы тваёй, каб слухала яго ўсё супольства сыноў Ізраілевых;

21і будзе ён зьвяртацца да Элеазара сьвятара і пытацца ў яго пра рашэньне праз урым перад Госпадам; і па ягоным слове павінны ўваходзіць ён і ўсе сыны Ізраілевыя зь ім і ўсё супольства.

22І зрабіў Майсей, як загадаў ім Гасподзь, і ўзяў Ісуса, і паставіў яго перад Элеазарам сьвятаром і перад усім супольствам;

23і паклаў на яго рукі свае і даў яму настаўленьне, як казаў Гасподзь праз Майсея.