Viewing:

ВЫСЛОЎІ Proverbs 7

Select a Chapter

Выс 7

1Сыне мой! памятай словы мае і запаведзі мае захавай у сабе.

2Захоўвай запаведзі мае, і жыві, і навуку маю, як зрэнкі вачэй тваіх.

3Навяжы іх на пальцы твае, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго.

4Скажы мудрасьці: «ты сястра мая!» і розум назаві родным тваім,

5каб яны ахоўвалі цябе ад жонкі другога, ад чужой, што гладка гаворыць словы свае.

6Вось, аднойчы глядзеў я ў акно майго дома, праз рашотку маю,

7і ўбачыў сярод нявопытных, угледзеў сярод маладых людзей неразумнага юнака,

8які пераходзіў плошчу паблізу вугла яе і ішоў па дарозе да дома яе,

9у сутоньні, а позьняй гадзіне, у начной цемры і ў змроку.

10І вось - насустрач яму жанчына ў строях распусьніцы, з хітрым сэрцам,

11узбуджаная і неапанаваная; ногі яе ня ступаюць у доме яе;

12то на вуліцы, то на плошчах і на кожным вугле яна ладзіць ловы.

13Яна схапіла яго, цалавала яго і бяз сораму ў твары сказала яму:

14«Мірная ахвяра ў мяне: сёньня я выканала абяцаньні мае;

15таму і выйшла насустрач табе, каб знайсьці цябе, і - знайшла цябе.

16Кілімамі ўслала я пасьцель маю, палатном каляровым Егіпецкім;

17спальню маю ўпахошчыла сьмірнаю, альясам і карынкаю.

18Зайдзі, будзем упівацца пяшчотамі да раніцы, каханьнем нацешымся;

19бо мужа дома няма; ён выправіўся ў далёкую дарогу;

20кашалёк срэбра ўзяў з сабою; дамоў вернецца да дня поўні месяца».

21Мноствам ласкавых слоў яна яго звабіла, мяккасьцю вуснаў сваіх авалодала ім.

22Ён адразу пайшоў за ёю, як вол ідзе ў разьніцу, як алень на стралу,

23пакуль страла не праніжа вантробы ягонай; як птушка кідаецца ў сіло, і ня ведае, што яно - пагібель яе.

24Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і зразумейце словы вуснаў маіх.

25Хай ня збочвае сэрца тваё на шляхі яе, ня блукай сьцежкамі яе;

26бо многіх яна параніла, і шмат дужых забіла яна:

27дом яе - дарога ў апраметную, якая вядзе ў сярэдзіну жытлішча сьмерці.