Viewing:

ПСАЛТЫР Psalms 118

Select a Chapter

Пс 118

1Алілуя.

Дабрашчасныя - беззаганныя ў дарозе, што ходзяць у законе Гасподнім.

2Дабрашчасныя - хто прымае сьведчаньні Ягоныя, хто ўсім сэрцам шукае Яго!

3Яны крыўды ня чыняць, ходзяць шляхамі Ягонымі.

4Ты запавёў наказы Твае выконваць дакладна.

5О, каб дарогі мае былі простыя да захаваньня Тваіх пастановаў!

6Тады не пасаромеўся б я, гледзячы на ўсе Твае запаведзі;

7шчырым сэрцам Я славіў бы Цябе, вучыўся б судам Тваёй праўды.

8Буду трымацца Тваіх пастановаў; не пакідай мяне назусім.

9Чым юнак утрымае свой шлях у чысьціні? - Калі будзе трымацца словаў Тваіх.

10Цэлым сэрцам сваім я шукаю Цябе! ня дай мне збочыць ад запаведзяў Тваіх.

11У сэрцы маім я схаваў слова Тваё, каб не грашыць прад Табою.

12Дабраславёны Ты, Госпадзе! навучы мяне пастановам Тваім.

13Вуснамі маімі абвяшчаў я ўсе суды Тваіх вуснаў.

14На шляху Тваіх сьведчаньняў я радуюся, як у кожным багацьці.

15Пра запаведзі Твае разважаю, і гляджу на шляхі Твае.

16Пастановамі Тваімі суцяшаюся; не забываю слова Твайго.

17Акажы ласку рабу Твайму, і буду я жыць і трымацца слова Твайго.

18Разамкні вочы мае і пабачу дзівосы закона Твайго.

19Прыхадзень я на зямлі; не хавай ад мяне запаведзяў Тваіх.

20Зьнемагла душа мая ад жаданьня судоў Тваіх ва ўсялякі час.

21Утаймаваў Ты пыхлівых, праклятых, што ўхіляюцца ад Тваіх запаведзяў.

22Адвярні ад мяне зьнявагу і сорам, бо я захоўваю сьведчаньні Твае.

23Князі сядзяць і змаўляюцца супраць мяне; а раб Твой разважае пра пастановы Твае.

24Сьведчаньні Твае - суцяшэньне маё, і пастановы Твае - дарадцы мае.

25Душа мая кінута ў пыл; ажыві мяне словам Тваім.

26Абвясьціў я дарогі мае, і Ты пачуў мяне; навучы мяне пастановам Тваім.

27Дай зразумець мне шлях загадаў Тваіх, і буду разважаць пра дзівосы Твае.

28Душа мая растае ад журботы: умацуй мяне паводле слова Твайго.

29Адвярні ад мяне дарогу маны, і закон Твой даруй мне.

30Я выбраў дарогу праўды, паставіў перад сабою суды Твае.

31Я прыляпіўся да сьведчаньняў Тваіх, Госпадзе; не пасаромі мяне.

32Пацяку шляхам запаведзяў Тваіх, калі Ты расшырыш сэрца маё.

33Пакажы мне, Госпадзе, шлях пастановаў Тваіх, і я буду трымацца яго да канца.

34Дай мне зразумець, і буду трымацца закону Твайго і захоўваць яго ўсім сэрцам.

35Пастаў мяне на сьцежку запаведзяў Тваіх, бо я жадаю яе.

36Прыхілі маё сэрца да адкрыцьцяў Тваіх, а не да карысьлівасьці.

37Адвядзі вочы мае, каб ня бачыць марноты; ажыві Ты мяне на дарозе Тваёй.

38Сьцьвердзі слова Тваё рабу Твайму, каб багавейны я быў прад Табою.

39Адвядзі ад мяне зьнявагу, якое баюся; бо суды Твае добрыя.

40Вось, я пажадаў загадаў Тваіх; ажыві мяне праўдаю Тваёю.

41Хай сыдзе на мяне, Госпадзе, міласьць Твая, выратаваньне паводле слова Твайго,

42і я адкажу таму, хто мяне зьневажае, бо я спадзяюся на слова Тваё.

43Не адбірай зусім ад вуснаў маіх слова праўды, бо я спадзяюся на суды Твае

44і буду трымацца суду Твайго заўсёды, на векі вечныя;

45буду хадзіць свабодна, бо наказаў Тваіх я шукаю,

46буду маўляць пра адкрыцьці Твае перад царамі, і не пасаромеюся;

47буду суцяшацца запаведзямі Тваімі, якія я палюбіў;

48рукі мае працягну да запаведзяў Тваіх, якія я палюбіў, і разважаць пра Твае пастановы.

49Згадай слова Тваё да раба Твайго, на якое Ты загадаў мне спадзявацца:

50гэта - суцяшэньне ў нягодзе маёй, што слова Тваё суцяшае мяне.

51Гардуны зь мяне надта глуміліся, але я ня ўхіліўся ад закона Твайго.

52Згадваў суды Твае, Госпадзе, зьвеку, і суцяшаўся.

53Жах агартае мяне, калі бачу бязбожных, якія законы Твае пакідаюць.

54Пастановы Твае былі песьнямі мне ў мясьцінах вандровак маіх.

55Уначы ўспамінаў я імя Тваё, Госпадзе, і трымаўся закону Твайго.

56Ён зрабіўся маім, бо загады Твае я шаную.

57Доля мая, Госпадзе, сказаў я, трымацца слова Твайго.

58Маліўся Табе я ўсім сэрцам: памілуй мяне паводле слова Твайго.

59Разважаў пра шляхі мае, і павярнуў свае ногі да сьведчаньняў Тваіх.

60Сьпяшаўся і не марудзіў выконваць запаведзі Твае.

61Сеткі бязбожных акружылі мяне; але не забываў я закона Твайго.

62Апоўначы падымаўся славіць Цябе за справядлівыя суды Твае.

63Саўдзельнік я ўсім, хто баіцца Цябе і хто наказы Твае шануе.

64Ласкаю Тваёй, Госпадзе, поўніцца ўся зямля; навучы мяне пастановам Тваім.

65Добра зрабіў Ты рабу Твайму, Госпадзе, паводле слова Твайго.

66Добраму разуменьню і веданьню навучы мяне, бо запаведзям Тваім я веру.

67Пакуль я цярпеў, я блукаў; а сёньня слова Твайго трымаюся.

68Добры і дабрадзейны Ты, Госпадзе; навучы мяне пастановам Тваім.

69Гардуны плятуць на мяне ману; а я ўсім сэрцам загады Твае шанавацьму.

70Затлусьцела ў іх сэрца, стала, як лой; а я законам Тваім суцяшаюся.

71Добра мне, што я пацярпеў, каб навучыцца Тваім пастановам.

72Закон Тваіх вуснаў мне лепей за тысячы золата і срэбра.

73Рукі Твае стварылі мяне і збудавалі мяне; дай мне розуму і навучуся запаведзям Тваім.

74Хто баіцца Цябе, убачаць мяне і парадуюцца, што я спадзяюся на слова Тваё.

75Ведаю, Госпадзе, што суды Твае справядлівыя, і па справядлівасьці Ты пакараў мяне.

76Хай жа міласьць Твая будзе мне ўцехаю паводле слова Твайго рабу Твайму.

77Хай прыйдзе мне Твой мілажаль, і буду я жыць; бо закон Твой - суцяшэньне маё.

78Хай пасаромлены будуць пыхлівыя, бо бязь віны прыгнятаюць мяне; я разважаю пра загады Твае.

79Хай зьвернуцца да мяне тыя, што баяцца Цябе і ведаюць сьведчаньні Твае.

80Хай будзе сэрца маё беззаганнае ў вуснах Тваіх, каб я не пасаромеўся!

81Душа мая прападае па ратунку Тваім; спадзяюся на слова Тваё.

82Прападаюць вочы мае па слове Тваім; я кажу: калі Ты суцешыш мяне?

83Я зрабіўся, як мех у дыме; а пастановаў Тваіх не забыўся.

84Колькі дзён у раба Твайго? Калі ўчыніш суд над маімі ганіцелямі?

85Яму выкапалі мне гардзеі насуперак закону Твайму.

86Усе запаведзі Твае - праўда; несправядліва перасьледуюць мяне; памажы мне.

87Ледзьве не загубілі мяне на зямлі, але я не пакінуў загадаў Тваіх.

88Па літасьці Тваёй ажыўляй мяне, і буду захоўваць сьведчаньні вуснаў Тваіх.

89Навечна, Госпадзе, слова Тваё сьцьверджана на нябёсах;

90праўда Твая з роду ў род. Ты паставіў зямлю, і стаіць яна.

91Паводле Тваіх вызначэньняў усё стаіць і дагэтуль; бо ўсё служыць Табе.

92Калі б не закон Твой быў суцяшэньнем маім, загінуў бы я ў нягодах маіх.

93Вавек не забуду загадаў Тваіх, бо імі Ты ажыўляеш мяне.

94Я Твой: уратуй мяне; бо я наказаў Тваіх шукаю.

95Бязбожнікі пільнуюць мяне, каб загубіць; а я паглыбляюся ў адкрыцьці Твае.

96Я бачыў мяжу дасканаласьці ўсякай; але Твая запаведзь надта шырокая.

97Як люблю я закон Твой! увесь дзень пра яго разважаю.

98Запаведзьдзю Тваёю Ты зрабіў мяне мудрэйшым за ворагаў маіх; бо яна заўсёды са мною.

99Я стаўся разумнейшы за настаўнікаў маіх; бо разважаю пра сьведчаньні Твае.

100Я ведаю болей за старцаў; бо загады Твае шаную.

101Ад усякай ліхое дарогі ўхіляю ногі мае, каб трымацца слова Твайго;

102ад судоў Тваіх ня ўхіляюся, бо Ты навучаеш мяне.

103Якое салодкае слова Тваё майму паднябеньню! лепей за мёд вуснам маім.

104Ад наказаў Тваіх я стаўся разумнейшы, таму ненавіджу любы шлях маны.

105Слова Тваё - сьветач нагам маім і сьвятло сьцежцы маёй.

106Я прысягнуў шанаваць справядлівыя суды Твае, і выканаю.

107Моцна прыгнечаны я, Госпадзе; ажыві мяне паводле слова Твайго.

108Хай будзе воля Твая, Госпадзе, прыняць дабраахвотную ахвяру вуснаў маіх, і судам Тваім навучы мяне.

109Душа мая бесьперастанку ў руцэ маёй; але закона Твайго не забываю.

110Бязбожнікі паставілі на мяне пастку; але я ня ўхіліўся ад загадаў Тваіх.

111Сьведчаньні Твае я прыняў, як спадчыну вечную; бо яны злагада сэрца майго.

112Я прыхіліўся сэрцам да выкананьня загадаў Тваіх навек, да канца.

113Вымудры паняверныя ненавіджу, а закон Твой люблю.

114Ты - маё покрыва і шчыт мой; на слова Тваё спадзяюся.

115Адыдзеце ад мяне, беззаконныя, і буду захоўваць запаведзі Бога майго.

116Умацуй мяне словам Тваім, і буду жыць; не пасаромі мяне ў надзеі маёй;

117падтрымай мяне, і ўратуюся; і ў Твае пастановы ўдумвацца няспынна буду.

118Усіх адступнікаў ад пастановаў Тваіх Ты скідаеш, бо вымудры іхнія - няпраўда.

119Як шашаль, зьмятаеш Ты ўсіх бязбожных зь зямлі; таму палюбіў я адкрыцьці Твае.

120Дрыжыць ад страху прад Табою цела маё, і судоў Тваіх баюся я.

121Я чыніў суд і праўду; не аддавай мяне ганіцелям маім.

122Даручы Ты на добрае раба Твайго, каб не прыгняталі мяне гардуны.

123Растаюць мае вочы, чакаючы ратунку Твайго і слова праўды Тваёй.

124Учыні рабу Твайму паводле ласкі Тваёй і пастановам Тваім навучы мяне.

125Я раб Твой; дай розуму мне, і спазнаю адкрыцьці Твае.

126Час настаў Госпаду дзейнічаць: закон Твой зьняважнілі.

127А я люблю запаведзі Твае болей за золата, золата чыстае.

128Усе загады Твае - усе прызнаю справядлівымі: усякі шлях маны ненавіджу.

129Дзівосныя адкрыцьці Твае; таму іх трымае душа мая.

130Сьведчаньне словаў Тваіх прасьвятляе, простым розум дае.

131Размыкаю вусны мае, і ўздыхаю; бо запаведзяў Тваіх прагну.

132Паглядзі на мяне і памілуй мяне, як робіш з тымі, што любяць імя Тваё.

133Умацуй ногі мае ў слове Тваім, і ня дай авалодаць мною ніякаму беззаконьню;

134вызвалі мяне ад прыгнёту чалавечага, і буду наказы Твае шанаваць.

135Апрамень раба Твайго сьвятлом аблічча Твайго, і навучы мяне пастановам Тваім.

136З вачэй маіх цякуць патокі вады, бо не шануюць закона Твайго.

137Справядлівы Ты, Госпадзе, і суды Твае справядлівыя.

138Сьведчаньні Твае, якія Ты запавядаў, - праўда і дасканалая ісьціна.

139Руплівасьць мая зьядае мяне, бо мае ворагі забылі словы Твае.

140Слова Тваё вельмі чыстае, і раб Твой палюбіў яго.

141Малы я і пагарджаны; але наказаў Тваіх не забываю.

142Праўда Твая - праўда вечная, а закон Твой - ісьціна.

143Скруха і гора мяне агарнулі; запаведзі Твае - суцяшэньне маё.

144Праўда адкрыцьцяў Тваіх - вечная: дай мне розуму, і буду жыць.

145Клічу ўсім сэрцам маім: пачуй мяне, Госпадзе; і захаваю Твае пастановы.

146Заклікаю Цябе; уратуй мяне, і буду захоўваць адкрыцьці Твае.

147Сустракаючы ранак, я заклікаю; на слова Тваё спадзяюся.

148Вочы мае сустракаюць ранішнюю варту, каб мне заглыбляцца ў слова Тваё.

149Пачуй голас мой зь міласьці Тваёй, Госпадзе; судом Тваім ажыві мяне.

150Наблізіліся тыя, што намышляюць хітрыну; далёка яны ад закона Твайго.

151Блізкі Ты, Госпадзе, і ўсе запаведзі Твае - ісьціна.

152Здаўна Я даведаўся пра сьведчаньні Твае, што Ты сьцьвердзіў іх навечна.

153Паглядзі на нягоды мае, і вызваль мяне; бо я не забываю закона Твайго.

154Заступіся за справу маю, і абарані мяне; словам Тваім ажыві мяне.

155Далёка ад бязбожных выратаваньне, бо яны пастановаў Тваіх ня шукаюць.

156Многа шчадротаў Тваіх, Госпадзе; судом Тваім ажыві мяне.

157Многа ў мяне ганіцеляў і ворагаў; але ад сьведчаньняў Тваіх не адступлюся.

158Бачу адступнікаў, і брыджуся імі; бо яны не шануюць слова Твайго.

159Падзівіся, як я люблю наказы Твае; міласьцю Тваёю, Госпадзе, ажыві мяне.

160Аснова слова Твайго сапраўдная, і вечны ўсякі суд праўды Тваёй.

161Князі перасьледуюць мяне бязьвінна; але сэрца маё баіцца слова Твайго.

162Радуюся я слову Твайму, як той, хто вялікі дастак прыдбаў.

163Ненавіджу ману і грэбую ёю; а закон Твой люблю.

164Сямікроць на дзень праслаўляю Цябе за суды праўды Тваёй.

165Вялікі мір у тых, што любяць закон Твой, і не спатыкаюцца яны.

166Спадзяюся на выратаваньне Тваё, Госпадзе, і запаведзі Твае выконваю.

167Душа мая песьціць сьведчаньні Твае, і я люблю іх моцна.

168Шаную наказы Твае і адкрыцьці Твае; бо ўсе шляхі мае прад Табою.

169Хай наблізіцца енк мой прад аблічча Тваё, Госпадзе; словам Тваім дай мне розум.

170Хай прыйдзе маленьне маё прад аблічча Тваё, словам Тваім збаві мяне.

171Вусны мае вымавяць славу, калі Ты навучыш мяне пастановам Тваім.

172Язык мой абвесьціць слова Тваё; бо ўсе запаведзі Твае справядлівыя.

173Хай будзе рука Твая дапамогаю мне; бо я выбраў Твае загады.

174Прагну выратаваньня Твайго, Госпадзе, і закон Твой суцяшэньне маё.

175Хай жыве душа мая і славіць Цябе, і суды Твае хай дапамогуць мне.

176Я заблудзіўся, як авечка, згубленая: знайдзі раба Твайго; бо я запаведзяў Тваіх не забыўся.